«ЗАПІ́СКІ АДДЗЕ́ЛА ГУМАНІТА́РНЫХ НАВУ́К»,

серыйнае навуковае выданне. Выдавалася ў 1927—30 у Мінску на бел. мове Інбелкультам і БелАН. У серыю ўваходзілі «Працы...» камісій, кафедраў, ін-таў Інбелкульта (кн. 1—6) і БелАН (кн. 7—13). Змяшчаліся матэрыялы па гісторыі, археалогіі, этнаграфіі, мастацтвазнаўстве, філалогіі і правазнаўстве, справаздачы аб экспедыцыях, дзейнасці навук. устаноў, рэцэнзіі і бібліягр. агляды. Пераважная ўвага аддавалася публікацыям даследаванняў і крыніц па гісторыі і культуры Беларусі (асабліва перыяду феадалізму), бел. мове (працы А.​Бурдзейкі, Я.​Гембіцкага, Дз.​І.​Даўгялы, М.​В.​Доўнар-Запольскага, В.​Д.​Дружчыца, С.​А.​Дубінскага, Т.​Забелы, У.​Ігнатоўскага, А.​Дз.​Кавалені, К.​Кернажыцкага, У.​Краснянскага, М.​Любаўскага, А.​М.​Ляўданскага, В.​Мачульскага, К.​М.​Палікарповіча, У.​Пічэты, Ц.​Сцяпанава, С.​С.​Шутава, М.​М.​Шчакаціхіна, А.​Ясінскага). Выданне ілюстравалася малюнкамі, фатаграфіямі, картамі, схемамі, планамі; змяшчала геагр. паказальнікі.

А.​Л.​Кіштымаў.

т. 6, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)